Фэдэральная судзьдзя Энджэл Келі ў Масачусэтсе адмовілася закрыць антыманапольны пазоў супраць 32 вядучых амэрыканскіх унівэрсытэтаў. Пазоўнікі сьцьвярджаюць, што школы выкарыстоўвалі Early Decision як частку дамоўленасьці не канкураваць за студэнтаў, ужо прынятых канкурэнтам.
Гэта яшчэ не прызнаньне віны. Суд вырашыў толькі, што пазоў дастаткова правадападобны, каб перайсьці да discovery.
Пры Early Decision абітурыент рана падаецца ў адзін унівэрсытэт і абяцае пайсьці туды, калі яго прымуць. Пры звычайным паступленьні можна параўноўваць некалькі прапановаў і дамагацца лепшай фінансавай дапамогі. Тут такая магчымасьць рэзка звужаецца.
Прафэсарка права Northwestern University Кейт Літвак тлумачыць тэорыю пазову праз customer allocation: калі канкурэнты дамаўляюцца, хто забірае кліента, а астатнія больш за яго не змагаюцца, гэта можа парушаць §1 Sherman Act. Пазоўнікі кажуць, што ўнівэрсытэты дэ-факта рабілі тое самае са студэнтамі і тым самым зьмяншалі канкурэнцыю ў фінансавай дапамозе.
Ключавы дакумэнт — Ivy League Joint Statement. Судзьдзя назвала яго прамым доказам пагадненьня: школы абяцалі паважаць Early Decision-абавязаньне студэнта перад іншай установай. Разам з падобнымі паводзінамі іншых школ гэтага хапіла, каб пазоў працягнуўся.
Harvard, Yale, Princeton і Stanford у сьпісе адказчыкаў няма: яны не выкарыстоўваюць binding Early Decision.
Суд спыніў справу супраць COFHE, Common App і Scoir. Унівэрсытэты змову адмаўляюць. Цяпер discovery павінна паказаць, ці існавала агульная дамоўленасьць не канкураваць за ўжо «забраных» студэнтаў.