У Туін-Фолсе, штат Айдага, каля рэстарацыі In-N-Out Burger 24-гадовы Чад Уільямс забіў двух чалавек і параніў яшчэ сем. Associated Press са спасылкай на паліцыю паведамляе, што нападнік пазьней памёр ад самананесенага агнястрэльнага раненьня.
Паводле начальніка паліцыі Туін-Фолса Мэцью Гікса, паліцэйскі штату Айдага, які быў не на службе, і ўзброены грамадзянін адкрылі агонь у адказ. Паліцыя лічыць, што гэта адцягнула нападніка ад перапоўненай рэстарацыі і, верагодна, не дазволіла павялічыць колькасьць ахвяраў. Улады не заяўляюць, што менавіта іхні агонь забіў нападніка.
AP таксама паведамляе, што двое параненых ужо выпісаныя са шпіталю, трое застаюцца ў стабільным стане, яшчэ двое — у крытычным. Матыў страляніны пакуль не ўсталяваны; у расьсьледаваньні дапамагае FBI.