Тысячы жыхароў Пуэрта-Рыка выйшлі 27 лістапада на вуліцы Сан-Хуану, пратэстуючы супраць высокіх рахункаў за электраэнэргію, частых адключэньняў сьвятла і вады ды росту коштаў на жыцьцё. Паводле Associated Press, дэманстранты перакрылі адну з галоўных аўтастрадаў сталіцы.
Акцыю арганізавалі каля 30 прафсаюзных, рэлігійных і грамадзкіх групаў. Сярод удзельнікаў былі пэнсіянэры, студэнты і кіроўцы аўтобусаў. Людзі патрабавалі ад уладаў паляпшэньня камунальных паслуг і зьніжэньня фінансавага цяжару для сем’яў.
Тарыф на электраэнэргію ў Пуэрта-Рыка дасягнуў 33,86 цэнта за кіляват-гадзіну. Для параўнаньня, сярэдні тарыф для хатніх спажыўцоў у кантынэнтальнай частцы ЗША складае каля 18,3 цэнта. У некаторых жыхароў штомесячныя рахункі нядаўна вырасьлі прыкладна з $229 да $271.
Пратэст адбыўся праз два дні пасьля рашэньня Вярхоўнага суду Пуэрта-Рыка скасаваць падаўжэньне кантракту з кампаніяй Luma Energy, якая кіруе перадачай і разьмеркаваньнем электрычнасьці. Суд даў уладам год для вызначэньня далейшых дзеяньняў.
Губэрнатарка Джэніфэр Гансалес падтрымала рашэньне, аднак фэдэральная рада фінансавага нагляду папярэдзіла пра рызыкі для стабільнасьці электразабесьпячэньня, паколькі замена апэратару пакуль ня вызначаная.
Пуэрта-Рыка зьяўляецца тэрыторыяй ЗША. Ягоная электрасетка працягвае аднаўляцца пасьля ўрагану «Марыя» 2017 году і шматгадовага недастатковага фінансаваньня інфраструктуры.