Праваахоўныя органы на Блізкім Усходзе затрымалі 54-гадовага Халіда Ахмэда Сатары, якога ў ЗША абвінавачваюць у арганізацыі схемы, паводле якой сетка дыягнастычных лябараторыяў выставіла праграме Medicare рахункі больш як на $547 мільёнаў за генэтычныя тэсты. Пра гэта паведаміла Міністэрства юстыцыі ЗША.
Паводле DOJ, Сатары затрымалі 20 ліпеня і перадалі амэрыканскім уладам. Падчас затрыманьня ў яго выявілі падроблены мэксыканскі пашпарт на выдуманае імя. Ужо 21 ліпеня ён упершыню паўстаў перад фэдэральным судом ва Ўсходняй акрузе Вірджыніі.
Сьледзтва сьцьвярджае, што ў 2016–2019 гадах Сатары кіраваў некалькімі лябараторыямі, якія прапаноўвалі пажылым атрымальнікам Medicare дарагія генэтычныя тэсты. Пацыентаў, паводле абвінавачаньня, знаходзілі праз тэлемаркетынг і сэрвісы тэлемэдыцыны, а лекары выпісвалі накіраваньні без належнага мэдычнага абгрунтаваньня. За мэдычныя накіраваньні і ўзоры, як сьцьвярджае пракуратура, выплачваліся незаконныя ўзнагароды.
Міністэрства юстыцыі заяўляе, што праз гэтую схему Medicare былі выстаўленыя рахункі больш як на $547 мільёнаў. Ведамства не паведамляе, якую частку гэтай сумы праграма фактычна выплаціла.
Абвінавачаньні супраць Сатары былі вылучаныя яшчэ ў верасьні 2019 году. Пасьля вызваленьня пад заклад суд забараніў яму працаваць у мэдычнай сфэры, аднак, паводле DOJ, ён працягваў супрацоўнічаць зь лябараторыямі ў Х’юстане. У сьнежні 2022 году суд выдаў ордэр на ягоны арышт пасьля таго, як ён не зьявіўся на паседжаньне і, як мяркуюць улады, пакінуў ЗША.
Цяпер Сатары абвінавачваюць у змове з мэтай махлярства ў сфэры аховы здароўя і праз электронныя сродкі сувязі, махлярстве з мэдычным страхаваньнем, выплаце незаконных адкатаў і адмываньні грошай. Па найбольш цяжкіх пунктах яму пагражае да 20 гадоў пазбаўленьня волі.
Сатары не прызнаны вінаватым. Паводле амэрыканскага заканадаўства, усе абвінавачаньні павінны быць даказаныя ў судзе.