Адзін з найбуйнейшых экспартэраў СПГ у сьвеце сам шукае доўгатэрміновыя пастаўкі з ЗША. Паводле Reuters, дзяржаўная QatarEnergy вядзе перамовы з Venture Global, Cheniere і Woodside пра кантракты на амэрыканскі звадкаваны газ аж да 2031 году.
QatarEnergy Trading шукае каля 2–3 млн тон СПГ на год. Раней кампанія ўжо купляла дзясяткі амэрыканскіх партыяў на спотавым рынку, каб выконваць абавязаньні перад азіяцкімі кліентамі. Цяпер Доха шукае ўжо больш доўгатэрміновую страхоўку.
Прычына ў вайне з Іранам. Удары па Рас-Лафане пашкодзілі дзьве з 14 вытворчых лініяў СПГ і аб’ект газава-вадкаснага паліва. Паводле QatarEnergy, страчаныя 12,8 млн тон гадавой магутнасьці, а поўны рамонт можа заняць 3–5 гадоў.
Маштаб удару ўжо бачны ў экспарце. За першыя шэсьць месяцаў вайны Катар адправіў толькі 18 партыяў СПГ супраць 509 за той жа пэрыяд годам раней. Reuters ацаніў страчаную выручку прыкладна ў $24 млрд. Да вайны Катар забясьпечваў каля пятай часткі штодзённых сусьветных паставак СПГ, а частку выпалага аб’ёму ўжо замясьцілі ЗША.
Амэрыканскі газ патрэбны Досе не таму, што ў Катары скончыўся ўласны. Ён патрэбны па-за Пэрсыдзкай затокай, каб QatarEnergy магла выконваць доўгатэрміновыя кантракты нават пры праблемах з уласным экспартам праз Армузскі праліў.
Так адзін з галоўных канкурэнтаў амэрыканскага СПГ можа сам стаць яго доўгатэрміновым пакупніком. Для ЗША гэта яшчэ адзін знак таго, як вайна павялічыла вагу амэрыканскага газу на сусьветным рынку.