Беларуская культурніцкая ініцыятыва Maldzis набыла ў прыватнага калекцыянэра ў Польшчы асобнік «Этнаграфічнай карты беларускага племені» Яўхіма Карскага, выдадзены ў 1920 годзе. Пра набыцьцё арганізацыя паведаміла 27 лістапада.
Мапу выкупілі за сродкі беларускага ахвярадаўцы, які пажадаў застацца ананімным. Ініцыятыва плянуе ў будучыні перадаць выданьне Гарадзенскаму дзяржаўнаму гісторыка-археалягічнаму музэю ў якасьці грамадзкага падарунка. Тэрмін перадачы пакуль не абвешчаны.
Упершыню этнаграфічная мапа Карскага зьявілася ў 1903 годзе ў ягонай навуковай працы «Беларусы». На ёй дасьледчык акрэсьліў тэрыторыю пашырэньня беларускіх гаворак на падставе моўных і этнаграфічных зьвестак. У 1917 годзе Карскі абнавіў мапу, а пазьней выходзілі яе новыя выданьні.
У час стварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі гэтая праца стала адным з арыенціраў для вызначэньня дзяржаўных межаў. Пры гэтым прапанаваныя БНР межы не паўсюль супадалі з этнаграфічнымі абрысамі Карскага.
Набыты асобнік надрукавалі ў Маскве ў чэрвені 1920 году. Гэта каляровая літаграфія ў маштабе 1:1 680 000, дзе адзін сантымэтар адпавядае 16,8 кілямэтра на мясцовасьці.
Maldzis таксама паведаміла, што ў сьнежні ў Варшаве плянуецца сустрэча з гісторыкам Цімохам Акудовічам, на якой наведнікі змогуць пабачыць набытую мапу. Дакладную дату сустрэчы арганізацыя паабяцала паведаміць пазьней.