Польшча працягнула яшчэ на 90 дзён забарону на знаходжаньне без дазволу ў вызначанай памежнай зоне зь Беларусьсю. Новы тэрмін дзеяньня абмежаваньняў пачынаецца 30 лістапада 2026 году і скончыцца 27 лютага 2027 году.
Пра рашэньне 28 лістапада паведаміла польскае Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі. Адпаведную пастанову падпісаў міністар Марцін Кервіньскі. Гэта ўжо дзясятае падаўжэньне абмежаваньняў, уведзеных у чэрвені 2024 году.
Зона ахоплівае больш за 78 кілямэтраў мяжы ў Падляскім ваяводзтве. На большай частцы яе шырыня складае 200 мэтраў. Каля прыродных запаведнікаў яна павялічваецца прыкладна да двух кілямэтраў, а на асобным забалочаным участку — да чатырох кілямэтраў. Межы забароненай тэрыторыі гэтым разам не зьмяніліся.
Населеныя пункты і турыстычныя маршруты пераважна выключаныя з зоны абмежаваньняў. Для знаходжаньня на астатняй тэрыторыі, на якую распаўсюджваецца забарона, неабходны адпаведны дазвол.
Паводле абгрунтаваньня польскага МУС, з 1 студзеня да 8 лістапада 2026 году памежнікі зафіксавалі 482 спробы незаконнага перасячэньня мяжы зь Беларусьсю. Варшава тлумачыць працяг абмежаваньняў неабходнасьцю забясьпечыць працу памежнай службы і супрацьдзейнічаць незаконнай міграцыі.
Забарона на знаходжаньне ў памежнай зоне зьяўляецца асобнай мерай і не тоесная абмежаваньням доступу да працэдуры атрыманьня прытулку, якія Польшча таксама прымяняе на беларускай мяжы.