У суботу, 28 лістапада, у афганскай правінцыі Кунар адбыўся выбух каля школы. Паводле Міністэрства ўнутраных справаў Афганістану, загінулі 10 чалавек, яшчэ 110 атрымалі раненьні. Большасьць пацярпелых — дзеці. Абноўленыя зьвесткі паведаміла агенцтва Associated Press.
Выбух адбыўся каля 10-й гадзіны раніцы паводле мясцовага часу ў раёне Андар-Сэр на ўскраіне Асадабада, адміністрацыйнага цэнтру правінцыі Кунар. Частка школьнага будынка абвалілася. Пад заваламі апынуліся вучні і настаўнікі.
Мясцовыя жыхары дапамагалі ратавальнікам выцягваць людзей з разбураных памяшканьняў. На кадрах зь месца здарэньня бачныя пашкоджаныя клясы, школьныя партфэлі, падручнікі і абломкі будаўнічых канструкцыяў. Параненых дзяцей даставілі ў шпіталь Асадабада.
Паводле кіраўніка правінцыйнага ўпраўленьня культуры і інфармацыі Самі уль-Хака Баяна, папярэднія зьвесткі сьведчаць, што выбух адбыўся на суседнім складзе, дзе захоўваліся выбуховыя матэрыялы горназдабыўных кампаніяў. Ён назваў магчымай прычынай неасьцярожнае абыходжаньне з выбухоўкай. Расьсьледаваньне працягваецца.
Першапачаткова Reuters паведамляла пра сем загінулых вучняў і да 99 параненых. Пазьней прадстаўнік афганскага МУС Абдул Мацін Кані паведаміў Associated Press пра павелічэньне колькасьці ахвяраў да 10 загінулых і 110 параненых.
Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЭФ) 28 лістапада апублікаваў асобную заяву пра трагедыю. Арганізацыя паведаміла, што яе супрацоўнікі і партнэры аказваюць тэрміновую мэдычную дапамогу пацярпелым і высьвятляюць патрэбы дзяцей і іхных сем’яў.