Міграцыйны дэпартамэнт Міністэрства ўнутраных справаў Грузіі паведаміў 27 лістапада пра затрыманьне 59 замежных грамадзянаў падчас праверак захаваньня іміграцыйнага заканадаўства. Сярод затрыманых ёсьць грамадзяне Беларусі.
Паводле грузінскага МУС, праверкі праводзіліся ў розных рэгіёнах краіны. Ведамства сьцьвярджае, што затрыманыя знаходзіліся ў Грузіі з парушэньнем закону пра прававое становішча замежнікаў і асобаў без грамадзянства.
У сьпісе краінаў грамадзянства затрыманых, акрамя Беларусі, названыя Азэрбайджан, Емэн, Індыя, Камэрун, Кітай, Лібан, Пакістан, Расея, Туркмэністан, Турэччына, Узбэкістан і Ярданія.
Затрыманых разьмясьцілі ў цэнтры часовага ўтрыманьня Міграцыйнага дэпартамэнту. Паводле МУС, адносна іх праводзяцца працэдуры выправаджэньня з краіны.
Дакладную колькасьць беларусаў сярод 59 чалавек грузінскія ўлады не назвалі. Зьвестак пра тое, колькі рашэньняў пра дэпартацыю ўжо прынята, у паведамленьні няма.