Генэральны сакратар Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе Фэрыдун Сінірліаглу 3 лістапада наведаў Менск і сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле Associated Press, гэта першы за сем гадоў візыт кіраўніка АБСЭ ў Беларусь.
Сінірліаглу таксама ўдзельнічае ў Менскай міжнароднай канфэрэнцыі па эўразійскай бясьпецы, заплянаванай на 3–4 лістапада. Сярод іншых удзельнікаў канфэрэнцыі — міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў.
Падчас сустрэчы Лукашэнка раскрытыкаваў працу АБСЭ. Паводле ягонай прэс-службы, ён заявіў пра прадузятае стаўленьне арганізацыі да выбараў у Беларусі і Расеі і заклікаў яе больш займацца пытаньнямі эўрапейскай бясьпекі.
Незалежны «Позірк» зьвярнуў увагу, што беларускія ўлады самі стваралі перашкоды для паўнавартаснага міжнароднага назіраньня за апошнімі выбарчымі кампаніямі.
Сьвятлана Ціханоўская ў камэнтары Associated Press папярэдзіла, што кантакты высокага ўзроўню без канкрэтных зьменаў могуць спрыяць легітымізацыі Лукашэнкі. Яна заклікала дамагацца вызваленьня палітвязьняў, спыненьня рэпрэсіяў і падтрымкі расейскай вайны супраць Украіны.
У апошнія гады заходнія краіны ўвялі супраць Менску санкцыі за рэпрэсіі і ўдзел Беларусі ў расейскай агрэсіі. Пры гэтым ЗША праводзілі перамовы, якія прывялі да вызваленьня часткі палітвязьняў.
Сам візыт кіраўніка АБСЭ не азначае зьмены міжнародна-прававога статусу Лукашэнкі або адмены санкцыяў.