Украіна ўвяла санкцыі супраць менскага прадпрыемства «Аэракасьмічныя прыборы». Яго ўключылі ў пакет абмежаваньняў супраць арганізацый, якія, паводле ўкраінскіх уладаў, удзельнічаюць у стварэньні расейскай сыстэмы спадарожнікавай сувязі «Рассвет».
Пра санкцыі 30 кастрычніка паведаміла Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны. Адпаведныя рашэньні ўведзеныя ў дзеяньне ўказамі прэзыдэнта Ўладзімера Зяленскага.
У пакет адносна спадарожнікавай праграмы ўвайшлі дзесяць кампаніяў і 19 грамадзянаў Расеі. Сярод арганізацыяў названыя распрацоўшчык сыстэмы «Бюро 1440», зьвязаныя зь ім прадпрыемствы і беларуская кампанія «Аэракасьмічныя прыборы».
Паводле ўкраінскай Рады нацыянальнай бясьпекі, менскае прадпрыемства займаецца распрацоўкай і стварэньнем дасьледных узораў для аэракасьмічных сыстэмаў. Украінскія ўлады зьвязваюць яго з праектам «Рассвет», але канкрэтны аб’ём удзелу кампаніі ў гэтай праграме незалежна не пацьверджаны.
Расея распрацоўвае ўласную нізкаарбітальную спадарожнікавую сетку. Украінскі бок мяркуе, што яе могуць выкарыстоўваць для сувязі паміж вайсковымі падразьдзяленьнямі, кіраваньня бесьпілётнікамі і навядзеньня ракет.
Асобным санкцыйным рашэньнем Украіна ўвяла абмежаваньні супраць 39 суднаў расейскага ценявога флёту, якія, паводле Кіева, задзейнічаныя ў экспарце энэрганосьбітаў.