Перайсьці да зьместу
ВАРТА ЧЫТАЦЬ ЦЯПЕР
Джына Інахоса перамагла Грэга Эбата на выбарах губэрнатара Тэхасу 2 гадзіны таму
BE

Твая праўда. Твая супольнасьць. Твая сіла.

БЕЛАРУСЬ І ЭЎРОПА

73 былыя палітвязьні заклікалі Эўропу дамагацца вызваленьня зьняволеных і спыненьня рэпрэсіяў

26 кастрычніка быў публічна распаўсюджаны адкрыты ліст 73 былых палітвязьняў да эўрапейскіх кіраўнікоў. Яны заклікаюць выкарыстоўваць перамовы і дыпляматычны ціск дзеля вызваленьня зьняволеных і спыненьня рэпрэсіяў. Ліст не ўтрымлівае патрабаваньня скасаваць санкцыі.

Графіка «Варты»

73 былыя беларускія палітвязьні зьвярнуліся да кіраўнікоў Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі, Швайцарыі і Нарвэгіі з заклікам актыўней дамагацца вызваленьня людзей з беларускіх турмаў і спыненьня палітычна матываванага перасьледу. Адкрыты ліст, датаваны 20 кастрычніка, быў публічна распаўсюджаны 26 кастрычніка.

Падпісанты прапануюць выкарыстоўваць дыпляматычныя кантакты, перамовы, ціск і стымулы. Яны просяць, каб пытаньне палітвязьняў пастаянна прысутнічала ў размовах эўрапейскіх кіраўнікоў з афіцыйным Менскам.

Сярод падпісантаў — Віктар Бабарыка, Марыя Калесьнікава, Марфа Рабкова, Наста Лойка, Марына Золатава, Людміла Чэкіна, Андрэй Аляксандраў і іншыя людзі, якія прайшлі празь беларускія турмы і калёніі.

Аўтары ліста дзякуюць Злучаным Штатам за дыпляматычныя намаганьні, якія, паводле іх, дапамаглі вызваліць сотні чалавек. Адначасова яны лічаць, што Эўразьвяз павінен больш актыўна ўдзельнічаць у гэтым працэсе.

У звароце асобна падкрэсьліваецца, што вызваленьне людзей не павінна суправаджацца прымусовай эміграцыяй і пагрозай паўторнага арышту. Падпісанты настойваюць таксама на спыненьні новых палітычных перасьледаў і ўдзеле беларускага грамадзтва ў перамовах пра будучыню краіны.

Марына Золатава ў асобным тлумачэньні адзначыла, што ліст не заклікае скасаваць санкцыі супраць Менску. Паводле яе, супрацьпастаўленьне санкцыяў і перамоваў не перадае сапраўднага сэнсу ініцыятывы.

Падпісанты заявілі пра гатоўнасьць сустракацца з эўрапейскімі палітыкамі і асабіста расказваць пра ўмовы зьняволеньня.

Крыніцы

Чытай «Варту» ў TelegramАпэратыўныя навіны і важныя абвесткі