Ад пачатку 2026 году ў Беларусі ў дарожна-транспартных здарэньнях з удзелам дзікіх жывёлаў загінулі пяць чалавек, каля ста атрымалі траўмы. Пра гэта 25 кастрычніка паведаміла прадстаўніца Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі МУС Вераніка Раманкова ў эфіры тэлеканалу АНТ.
Паводле ДАІ, за дзевяць месяцаў зарэгістравалі 59 такіх здарэньняў, у якіх пацярпелі людзі. Аднак агульная колькасьць сутыкненьняў аўтамабіляў з дзікімі жывёламі значна большая.
Начальнік упраўленьня Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету Дзьмітрый Матаро паведаміў, што за дзевяць месяцаў адбылося 3998 сутыкненьняў. У іх загінулі больш за чатыры тысячы дзікіх жывёлаў, пераважна казуляў і ласёў.
Найбольш такіх здарэньняў фіксуецца ў Менскай вобласьці. Паводле намесьніка генэральнага дырэктара Навукова-практычнага цэнтру НАН Беларусі па біярэсурсах Паўла Гештаўта, гэта зьвязана найперш з інтэнсіўнасьцю аўтамабільнага руху.
Асаблівую небясьпеку для кіроўцаў уяўляюць сутыкненьні з ласямі. Праз памеры жывёлы яе тулава пры ўдары можа трапіць на капот і лабавое шкло, абыходзячы канструкцыі аўтамабіля, якія прызначаныя для паглынаньня энэргіі сутыкненьня.
ДАІ заклікае кіроўцаў быць асабліва ўважлівымі на дарогах каля лясоў. Дзікія жывёлы могуць нечакана выходзіць на праезную частку, а ў цемры іх складана заўважыць загадзя.