Украіна заявіла пра ўдары дронамі па нафтавай плятформе ў Касьпійскім моры і нафтаперапрацоўчым заводзе ў Цюменскай вобласьці Расеі. Паводле Reuters, адзін з аб’ектаў знаходзіцца больш як за 2 000 кілямэтраў ад украінскай тэрыторыі, што паказвае далейшае павелічэньне радыюсу ўкраінскіх далёкіх удараў.
Расейскія рэгіянальныя ўлады пацьвердзілі пажар на тэрыторыі Цюменскага НПЗ, але не паведамілі, ці паўплываў ён на вытворчасьць. Украінская СБУ таксама заявіла пра ўдар па нафтавай плятформе імя Філаноўскага, якая належыць «Лукойлу», і па двух грузавых суднах, якія Кіеў зьвязвае з перавозкай вайсковых грузаў паміж Расеяй і Іранам. Незалежна пацьвердзіць усе вынікі гэтых удараў пакуль немагчыма.
У той жа дзень бакі паведамілі пра новыя ахвяры сярод цывільных. Расейскія акупацыйныя ўлады заявілі пра загінулых у Кірылаўцы на акупаванай частцы Запароскай вобласьці, а ўлады Сумскай вобласьці паведамілі пра трох загінулых пасьля расейскага ўдару дронам.