Сьпікер Палаты прадстаўнікоў ЗША Майк Джонсан ня будзе прэтэндаваць на пасаду кіраўніка рэспубліканскай меншасьці ў новым скліканьні Кангрэсу. Пра ягонае рашэньне 4 лістапада паведамілі Roll Call і The Washington Post са спасылкамі на людзей, знаёмых з сытуацыяй.
Джонсан захаваў сваё месца ў Палаце прадстаўнікоў ад Луізіяны. Чакаецца, што ў студзені 2027 году ён працягне працу як кангрэсмэн, але ўжо без пасады кіраўніка рэспубліканцаў.
Рашэньне прынятае пасьля прамежкавых выбараў 3 лістапада, на якіх Рэспубліканская партыя страціла большасьць у Палаце прадстаўнікоў. Дэмакраты таксама атрымалі кантроль над Сэнатам.
На пасаду кіраўніка рэспубліканскай меншасьці прэтэндуюць цяперашні кіраўнік рэспубліканскай большасьці Стыў Скаліс і старшыня судовага камітэту Палаты прадстаўнікоў Джым Джордан. Абодва 4 лістапада паведамілі калегам пра намер удзельнічаць у выбарах кіраўніцтва фракцыі.
Рэспубліканская фракцыя плянуе абраць новае кіраўніцтва на наступным тыдні. Сам Джонсан на момант паведамленьняў не абвясьціў свайго рашэньня публічна, аднак The Washington Post атрымала пацьверджаньне ад ягонага старэйшага памочніка і двух кангрэсмэнаў-рэспубліканцаў.
У новым Кангрэсе сьпікера Палаты прадстаўнікоў будуць абіраць у студзені 2027 году. Дэмакраты плянуюць вылучыць на гэтую пасаду свайго кіраўніка Гакіма Джэфрыса.