Беларуская авіякампанія «Белавія» нясе вялікія фінансавыя страты праз рэгулярнае закрыцьцё аэрапортаў у Расеі падчас украінскіх атак бесьпілётнікаў. Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску 29 кастрычніка паведаміла начальніца службы маркетынгу і зьнешнеэканамічнай дзейнасьці кампаніі Кацярына Радзішэўская.
Паводле яе, дакладны памер стратаў пакуль невядомы. Канчатковую ацэнку фінансавых наступстваў кампанія яшчэ павінна зрабіць.
Калі расейскі аэрапорт спыняе працу, самалёт можа гадзінамі чакаць дазволу на пасадку, расходуючы дадатковае паліва. Часам рэйс даводзіцца перанакіроўваць на запасны аэрадром або вяртаць у пункт вылету. Бываюць і працяглыя затрымкі перад вылетам.
Радзішэўская патлумачыла, што ўсе гэтыя выдаткі аплачвае сама авіякампанія. Паводле яе, адна такая сытуацыя нярэдка ператварае патэнцыйна прыбытковы рэйс у стратны.
Дырэктар дэпартамэнту авіяцыі Міністэрства транспарту Ігар Голуб таксама прызнаў, што абмежаваньні ў паветранай прасторы суседніх краінаў прыводзяць да затрымак і падаўжэньня маршрутаў беларускіх самалётаў.
«Белавія» пакуль не апублікавала фінансавую справаздачу з падлікам гэтых стратаў. Таму іхны маштаб вядомы толькі са словаў прадстаўніцы перавозьніка.
Расейскія аэрапорты рэгулярна ўводзяць часовыя абмежаваньні на прыём і адпраўку самалётаў падчас атак украінскіх бесьпілётнікаў. Украіна наносіць удары па расейскіх аб’ектах на фоне поўнамаштабнага ўварваньня Расеі, якое працягваецца з лютага 2022 году.