73 былыя беларускія палітвязьні зьвярнуліся да кіраўнікоў Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі, Швайцарыі і Нарвэгіі з заклікам актыўней дамагацца вызваленьня людзей з беларускіх турмаў і спыненьня палітычна матываванага перасьледу. Адкрыты ліст, датаваны 20 кастрычніка, быў публічна распаўсюджаны 26 кастрычніка.
Падпісанты прапануюць выкарыстоўваць дыпляматычныя кантакты, перамовы, ціск і стымулы. Яны просяць, каб пытаньне палітвязьняў пастаянна прысутнічала ў размовах эўрапейскіх кіраўнікоў з афіцыйным Менскам.
Сярод падпісантаў — Віктар Бабарыка, Марыя Калесьнікава, Марфа Рабкова, Наста Лойка, Марына Золатава, Людміла Чэкіна, Андрэй Аляксандраў і іншыя людзі, якія прайшлі празь беларускія турмы і калёніі.
Аўтары ліста дзякуюць Злучаным Штатам за дыпляматычныя намаганьні, якія, паводле іх, дапамаглі вызваліць сотні чалавек. Адначасова яны лічаць, што Эўразьвяз павінен больш актыўна ўдзельнічаць у гэтым працэсе.
У звароце асобна падкрэсьліваецца, што вызваленьне людзей не павінна суправаджацца прымусовай эміграцыяй і пагрозай паўторнага арышту. Падпісанты настойваюць таксама на спыненьні новых палітычных перасьледаў і ўдзеле беларускага грамадзтва ў перамовах пра будучыню краіны.
Марына Золатава ў асобным тлумачэньні адзначыла, што ліст не заклікае скасаваць санкцыі супраць Менску. Паводле яе, супрацьпастаўленьне санкцыяў і перамоваў не перадае сапраўднага сэнсу ініцыятывы.
Падпісанты заявілі пра гатоўнасьць сустракацца з эўрапейскімі палітыкамі і асабіста расказваць пра ўмовы зьняволеньня.