Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі 21 кастрычніка паведаміла, што вынесла прадпісаньне кампаніі Onliner праз разьмяшчэньне рэклямы касмэтыкі Nivea, увоз і продаж якой забароненыя ў краіне.
Паводле ведамства, парушэньне выявілі пасьля звароту грамадзяніна. Рэкляма зьяўлялася ў мабільнай вэрсіі Onliner напрыканцы матэрыялаў у разьдзелах «Аўто» і «Тэхналёгіі».
МАРГ паведаміла, што кампанія Onliner выканала прадпісаньне і прыбрала рэкляму. Рэклямадаўцам ведамства назвала ТАА «Яндэкс Рэкляма», якому накіравала асобнае папярэджаньне аб недапушчальнасьці паўторных парушэньняў.
Міністэрства нагадала, што распаўсюднік рэклямы можа быць выключаны з дзяржаўнага рэестру, калі ня выканае прадпісаньне або атрымае два і больш прадпісаньні на працягу году.
Забарона на ўвоз і продаж тавараў кампаніі Beiersdorf, якой належыць Nivea, была ўведзеная ў Беларусі ў красавіку 2021 году. Гэта адбылося пасьля адмовы кампаніі спансіраваць чэмпіянат сьвету па хакеі, які першапачаткова плянавалі правесьці ў Менску і Рызе. На той момант Беларусь ужо пазбавілі права прымаць турнір.
У сьнежні 2025 году беларускія ўлады падоўжылі абмежаваньні да канца 2027 году. Новая праверка паказвае, што дзяржаўнае ведамства прымяняе іх і да рэклямных абвестак на інтэрнэт-пляцоўках.