Амэрыканскія прадстаўнікі сустрэліся з прадстаўнікамі хусітаў у амбасадзе ЗША ў Маскаце, Аман, на мінулых выходных. Reuters паведаміла пра раней неафішаваную сустрэчу са спасылкай на пяць крыніцаў, знаёмых з перамовамі. The Guardian асобна паведаміла пра сустрэчу амэрыканскіх чыноўнікаў з кіраўнікамі хусітаў у Маскаце.
Паводле Reuters, хусіты заявілі амэрыканскаму боку, што ня маюць намеру атакаваць амэрыканскія судны і будуць выконваць пагадненьне аб спыненьні агню з ЗША 2025 году. Адна з крыніцаў агенцтва паведаміла таксама, што групоўка заявіла пра намер не атакаваць ізраільскія і іншыя камэрцыйныя судны, за выключэньнем суднаў, якія належаць Саудаўскай Арабіі.
The Guardian паведамляе, што пасьля гэтых кантактаў Вашынгтон вырашыў пакуль не далучацца да саудаўскай вайсковай апэрацыі супраць хусітаў. Віцэ-прэзыдэнт Джэй Ды Вэнс у панядзелак публічна пацьвердзіў, што ЗША знаходзяцца ў прамым кантакце з групоўкай, але не раскрываў дэталяў.
Перамовы адбываюцца на фоне рэзкага абвастрэньня ў Емэне і вакол Чырвонага мора. Хусіты, якіх ЗША прызналі замежнай тэрарыстычнай арганізацыяй у 2025 годзе, за апошні тыдзень пашырылі кантроль над заходнім узьбярэжжам Емэну і раёнам Баб-эль-Мандэбскага праліву, што павялічвае рызыкі для міжнароднага суднаходзтва.
«Варта» ўжо пісала пра захоп хусітамі стратэгічных астравоў у Чырвоным моры.