Каля дзясятка ўкраінскіх вайскоўцаў далучыліся да амэрыканскіх падразьдзяленьняў на вучэньнях Saber Junction у Нямеччыне, дзе перадаюць досьвед дронавай і радыёэлектроннай барацьбы, назапашаны падчас поўнамаштабнай вайны з Расеяй.
Паводле Associated Press, украінцы працавалі непасрэдна з амэрыканскімі вайскоўцамі, дапамагаючы ім ужываць тэхналёгіі і тактыку. Армія ЗША задзейнічала на вучэньнях каля 1 900 дронаў. Кіраўнік тэхналягічнага напрамку арміі Энтані Мілер паведаміў, што прыкладна палова сутыкненьняў 173-й паветрана-дэсантнай брыгады з умоўным праціўнікам пачыналася з кантакту праз дроны.
Stars and Stripes раней незалежна апісала гэтыя ж вучэньні і ўдзел украінскіх дронавых спэцыялістаў, адзначыўшы, што сцэнары Saber Junction мэтанакіравана пераносяць на палігон урокі сучаснай вайны ва Ўкраіне. Частка амэрыканскіх вайскоўцаў раней таксама езьдзіла ва Ўкраіну вывучаць гэты досьвед.
Для ЗША гэта ўжо не асобны экспэрымэнт з беспілётнікамі, а спроба ўбудаваць дроны і радыёэлектронную барацьбу ў звычайныя сухапутныя падразьдзяленьні. Пры гэтым унутры арміі яшчэ няма канчатковага рашэньня, якой павінна быць сталая арганізацыйная мадэль дронавай вайны.