Перайсьці да зьместу
ВАРТА ЧЫТАЦЬ ЦЯПЕР
Коўл у Менску: ЗША пачалі новы раўнд перамоваў з Лукашэнкам пра палітвязьняў і адносіны дзьвюх краінаў 2 гадзіны таму
BE

Твая праўда. Твая супольнасьць. Твая сіла.

КААРДЫНАЦЫЙНАЯ РАДА

У Каардынацыйнай Радзе стварылі Праўную камісію і абмеркавалі справу Аляксандра «Лахвіча» Наўковіча

Каардынацыйная Рада стварыла Праўную камісію і абрала яе кіраўніцтва; асобна КР разглядае справу Аляксандра «Лахвіча» Наўковіча, факты гвалту ў дачыненьні да якога «Варта» лічыць пацьверджанымі паводле ўласнай інфармацыі.

Графіка «Варты»

Каардынацыйная Рада IV скліканьня стварыла Праўную камісію і абрала яе кіраўніцтва. Каардынацыйная Рада прыняла гэтае рашэньне галасаваньнем.

Ініцыятыва стварэньня камісіі паходзіла ад Кааліцыі Латушкі і Руху «За Свабоду». Новы орган павінен займацца прававымі пытаньнямі, падрыхтоўкай неабходных дакумэнтаў і арганізацыяй прававой дапамогі грамадзянам Беларусі за мяжой.

Разам са стварэньнем камісіі былі абраныя яе старшыня і намесьнік. Такім чынам, працэдура, пра пачатак якой паведамлялася пасьля агульнага пасяджэньня КР 11 жніўня, завяршылася стварэньнем паўнавартаснага органу.

Другой важнай тэмай стала сытуацыя вакол беларускага добраахвотніка і дэлегата Каардынацыйнай Рады Аляксандра Наўковіча з пазыўным «Лахвіч». Пытаньне вынес на разгляд Рух «Воля».

Гісторыя стала публічнай яшчэ 1 чэрвеня, калі ў сацсетках Наўковіча зьявілася прыніжальнае «пакаяннае» відэа. На ім ён быў паголены, называў сябе «свінапасам» і фактычна публічна прыніжаў самога сябе.

Пазьней Наўковіч пацьвердзіў, што відэа зьявілася пасьля ягонага канфлікту з іншым беларускім добраахвотнікам Радыёнам «Генам» Батуліным. У ліпені «Лахвіч» падрабязна расказаў сваю вэрсію таго, што адбылося.

Паводле Наўковіча, яго праз знаёмую заманілі ў кватэру, дзе, калі ён знаходзіўся без адзеньня пасьля душу, зьявіліся пяць чалавек. Ён заявіў, што яму паставілі ўльтыматум: альбо ён паголіць галаву, бараду і вусы і запіша «пакаяннае» відэа, альбо ў дачыненьні да яго ўчыняць сэксуальны гвалт. Гэты расповед публікавалі «Наша Ніва» і Reform.news.

Паводле ўласнай інфармацыі «Варты», факты гвалту ў дачыненьні да Аляксандра «Лахвіча» Наўковіча пацьверджаныя. Рэдакцыі таксама вядома, што цяпер цяжка паранены беларускі добраахвотнік сутыкаецца з моцным ціскам з боку армейскага кіраўніцтва, якое ня хоча даваць справе далейшы ход.

Менавіта таму гэтая гісторыя выйшла за межы асабістага канфлікту ў добраахвотніцкім асяродзьдзі. На агульным пасяджэньні КР абмяркоўвалася неабходнасьць палітычнай і маральнай падтрымкі Наўковіча, а таксама незалежнай праверкі абставінаў справы.

КР вырашыла дапрацаваць адпаведную заяву з прававога пункту гледжаньня, каб яе пазыцыя ня шкодзіла самому Наўковічу і магчымаму расьсьледаваньню. На юрыдычную дапрацоўку было адведзена 48 гадзінаў.

Сама справа ставіць перад беларускімі дэмакратычнымі структурамі значна шырэйшае пытаньне: ці здольныя яны абараняць сваіх людзей і патрабаваць адказнасьці тады, калі гвалт адбываецца не з боку рэжыму Лукашэнкі, а ўнутры беларускага добраахвотніцкага асяродзьдзя.

Крыніцы

Чытай «Варту» ў TelegramАпэратыўныя навіны і важныя абвесткі