Сузаснавальнік архітэктурнага бюро ZROBIM architects Аляксей Караблёў, які жыве ў ЗША, прадае сваю долю ў бізнэсе. Пра гэта паведаміў другі сузаснавальнік бюро Андрэй Макоўскі, вядомы як Андрусь Bezdar, які нядаўна выйшаў з СІЗА.
Паводле «Зеркала» і Office Life, Макоўскі заявіў, што для ZROBIM пачынаецца «новая легальная эра працы», а Караблёў «ня можа кіраваць кампаніяй з-за мяжы так, як гэта было раней». Бюро Караблёў і Макоўскі заснавалі ў 2011 годзе.
Перасьлед кіраўніцтва і супрацоўнікаў ZROBIM architects пачаўся ў красавіку. Тады сілавікі затрымалі каля 50 чалавек, а дзяржаўная вэрсія абвінавачвала бюро ў атрыманьні «няўлічанага прыбытку» на суму каля $6 млн і выплатах заробкаў «у канвэртах». Агульную шкоду бюджэту ацэньвалі больш як на 5 млн рублёў.
На гэтым фоне ў сацсетках Макоўскага зьяўляліся аб’явы пра продаж буйной маёмасьці: у чэрвені — недабудаванай вілы на Пхукеце, у ліпені — надзелу пад турыстычны комплекс каля Вілейкі. Reform.news паведамляў, што пасьля вызваленьня Макоўскі казаў пра пагашэньне прад’яўленай шкоды і прызнаньне віны.
Юрыдычна гэта не даказвае дамовы «маёмасьць у абмен на свабоду». Але пасьлядоўнасьць падзеяў — затрыманьні, вялікія фінансавыя прэтэнзіі, продажы актываў і выхад з СІЗА — стварае прыкметы сытуацыі, у якой беларускі бізнэс можа апынуцца пад прымусам фактычна выкупляць свабоду людзей і працяг працы.