Перайсьці да зьместу
ВАРТА ЧЫТАЦЬ ЦЯПЕР
У Алешках завяршылася лякальнае замірэньне паміж Украінай і Расеяй 6 гадзін таму
BE

Твая праўда. Твая супольнасьць. Твая сіла.

БАНКІ І ГРОШЫ

Амаль 10 мільярдаў на рахунку: банкаўскі глюк, які на хвіліну робіць чалавека багацейшым за краіну

Беларуска ўбачыла на рахунку амаль 10 млрд рублёў. Падобныя глюкі ў розных краінах паказвалі $220 млрд, $81 трлн, памылкова пералічаныя $1,2 млн і нават чужыя транзакцыі ў банкаўскіх дадатках.

Графіка «Варты»

Уявіце: адкрываеце банкаўскі дадатак, а там амаль 10 мільярдаў рублёў. Не заробак, не крэдыт і не спадчына, а сума, якой хапіла б на бюджэт невялікай дзяржавы.

Менавіта такую лічбу ўбачыла беларуска на сваім прадпрымальніцкім рахунку. Яна апублікавала скрыншот у Threads і напісала, што да гэтага балянс быў нулявы, а сам рахунак яна зьбіралася закрыць. Паводле «Нашай Нівы», афіцыйны акаўнт «Альфа-Банку» папрасіў яе зьвярнуцца ў падтрымку.

Што здарылася насамрэч, банк публічна не патлумачыў. Але гісторыя добра паказвае, наколькі тонкай бывае мяжа паміж сапраўднымі грашыма і лічбамі, якія толькі намалявала праграма.

Такія выпадкі не ўнікальныя. У Паўночнай Караліне кліентка Truist нядаўна ўбачыла ў сваім пэнсійным рахунку $220 млрд. Банк пасьля пацьвердзіў: гэта была толькі памылка адлюстраваньня, ніякіх грошай не паступала.

Citigroup у 2024 годзе пайшоў яшчэ далей: замест $280 банк унутрана правёў $81 трлн. Памылку прапусьцілі двое супрацоўнікаў, заўважыў толькі трэці. Апэрацыю адмянілі празь некалькі гадзінаў, і грошы не пакінулі банк.

У іншым выпадку Charles Schwab праз кампутарны збой пералічыў жыхарцы Луізіяны $1,2 млн замест $82,56. Тут грошы былі ўжо рэальныя. Жанчына пасьпела перавесьці частку сумы і набыць дом ды аўтамабіль. У выніку яе арыштавалі, а банк пайшоў у суд.

А сёлета ў Вялікай Брытаніі кліенты Lloyds, Halifax і Bank of Scotland на кароткі час бачылі ў сваіх дадатках чужыя транзакцыі. Гэта ўжо была ня гульня лічбаў, а патэнцыйная праблема канфідэнцыйнасьці.

Банкаўскія глюкі бываюць розныя: часам дадатак проста паказвае фантомны балянс, часам няправільная сума сапраўды трапляе ў сыстэму, а часам карыстальнік бачыць чужыя зьвесткі. На экране ўсё выглядае аднолькава пераканаўча. Але сапраўдным становіцца толькі тое, што прайшло праз асноўную бухгальтарскую сыстэму банку.

У беларускай гісторыі пакуль вядома толькі адно: амаль 10 мільярдаў зьявіліся на экране. Ці былі яны хоць на імгненьне сапраўднымі, цяпер павінен сказаць сам банк.

Крыніцы

Чытай «Варту» ў TelegramАпэратыўныя навіны і важныя абвесткі