Выбары кіраўніцы Міжнароднай камісіі Каардынацыйнай Рады мелі б стаць размовай пра тое, як беларускі протапарлямэнт будзе дамагацца міжнароднай падтрымкі для вызваленьня краіны. Замест гэтага значная частка дыскусіі зноў круцілася вакол дэлегацыяў, каардынацыі, легалізацыі і ўнутраных працэдураў.
На пасаду прэтэндавалі Ксенія Луцкіна з «Эўрапейскага выбару», Маргарыта Ворыхава з «Наступу» і пазафракцыйная Аляксандра Мамаева. Усе тры маюць адпаведны досьвед. Але ніводная не дала пераканаўчага адказу на галоўнае пытаньне: якой палітычнай мэце павінна служыць міжнародная праца беларускага прадстаўнічага воргану?
Луцкіна прапанавала разьвіваць парлямэнцкую дыпляматыю і замацоўваць міжнародныя кантакты за самой Каардынацыйнай Радай, а не за асобнымі палітыкамі. Гэта найбольш інстытуцыйная з агучаных пазыцыяў. Аднак у адказах пра Ўкраіну, беларускіх добраахвотнікаў і нацыянальны супраціў яна заставалася пераважна ў гуманітарнай рамцы. Дапамога людзям неабходная, але міжнародная камісія мусіць таксама разумець, як яе праца ўзмацняе беларускую суб’ектнасьць і набліжае вяртаньне ўлады беларусам.
Мамаева зрабіла акцэнт на ўжо распачатай працы: міжнародных паездках, дакумэнтах, легалізацыі беларусаў і пошуку рэсурсаў. Яе выступ быў найбольш практычным, але ў ім амаль не было адказу, куды гэтая дзейнасьць павінна прывесьці палітычна. Застаецца і пытаньне даверу пасьля канфлікту ў «Эўрапейскім выбары». Незалежнай працэдуры, якая б пацьвердзіла або зьняла абвінавачаньні, не адбылося. Таму падаваць іх як усталяваны факт нельга, але і рабіць выгляд, што праблемы няма, таксама ня варта.
Ворыхава прапанавала шчыльнейшую каардынацыю Каардынацыйнай Рады з Офісам Сьвятланы Ціханоўскай і Аб’яднаным пераходным кабінэтам. Каардынацыя патрэбная, але яна не павінна ператвараць прадстаўнічы ворган у дапаможны сакратарыят пры іншых структурах. Сэнс беларускага протапарлямэнту менавіта ў здольнасьці выпрацоўваць уласную пазыцыю, у тым ліку нязручную для партнэраў па дэмакратычным руху.
Слабасьць палітычнай камунікацыі Ворыхава прадэманстравала і ў эпізодзе з перасланым допісам, дзе развагі пра эўрапейскую бясьпеку і свабоду Беларусі завяршаліся абвесткай аб продажы прыватнага гаража ў Варшаве. Гэта ня сьведчаньне карупцыі. Але для палітыка гэта прыклад дрэннага разуменьня мяжы паміж грамадзкай місіяй і прыватнай камунікацыяй. Спасылка на тое, што допіс быў чужы, праблему густу і адказнасьці не зьняла.
Найбольш дакладнае пытаньне задаў прадстаўнік фракцыі «Беларусы дзеяньня» Дзьмітры Шчыгельскі:
«Калі мы прадстаўляем беларускі народ, як вы плянуеце з дапамогай міжнароднай палітыкі вярнуцца ў Беларусь і вярнуць сабе краіну, а не проста добра ўладкавацца ў іншых дзяржавах?»
Пераканаўчага адказу не прагучала. І гэта ўжо праблема ня толькі трох кандыдатак. Частка дэлегатаў Каардынацыйнай Рады навучылася прафэсійна гаварыць пра працэдуры, мандаты і фарматы, але значна слабей тлумачыць, што канкрэтна іхная праца дае Беларусі.
Сам прадстаўнічы ворган за гэта сьпісваць рана. Беларусі патрэбная структура, у якой існуюць палітычная канкурэнцыя, адкрытая спрэчка і магчымасьць патрабаваць адказу ад кіраўнікоў. Але Каардынацыйная Рада ня стане протапарлямэнтам толькі таму, што так сябе назаве. Яе вагу вызначаць якасьць дэлегатаў, здольнасьць фармуляваць нацыянальныя інтарэсы і вымяральныя вынікі.
Пакуль жа карціна простая: сам інстытут можа быць патрэбны, але многія ягоныя прадстаўнікі ўсё яшчэ думаюць маштабам праекту, паездкі або паседжаньня. Для краіны, якая губляе сувэрэнітэт і застаецца пад уладай залежнага ад Масквы рэжыму, гэтага відавочна недастаткова.