Шырокі «цеплавы купал» накрыў цэнтральную частку ЗША, і пад папярэджаньнямі пра небясьпечную сьпёку апынуліся каля 70 мільёнаў чалавек. Associated Press паведамляе, што гарачыня ад Даласу да Паўночнай Дакоты зацягнецца і на наступны тыдзень.
Сыноптыкі папярэджваюць не толькі пра дзённыя тэмпэратуры за 100°F, але і пра тое, што ноччу паветра не пасьпявае дастаткова ахалоджвацца. Гэта павялічвае рызыку цеплавога стрэсу, асабліва для дзяцей, старэйшых людзей і тых, хто мае праблемы са здароўем.
Нацыянальная служба надвор’я ЗША ўжо выпусьціла ў шэрагу рэгіёнаў Extreme Heat Warning, а AP адзначае, што найгоршыя ўмовы да сярэдзіны тыдня могуць зьмясьціцца ў бок Тэхасу і ўзьбярэжжа Мэксыканскай затокі. Улады раяць шукаць кандыцыянаваныя памяшканьні, абмяжоўваць знаходжаньне пад сонцам і піць больш вады.